Некаторыя не заўсёды відавочныя наступствы прагрэсу для выкладання беларускай літаратуры і не толькі

Раз на тры гады, у студзені :) (маецца на ўвазе https://nn.by/?c=ar&i=202792 і http://lit-bel.org/by/news/5594.html) у беларускіх настаўнікаў узнікае пытанне – «чаму ўсё так дрэнна з беларускай літаратурай у школе?» Адказ на гэтае «чаму» – вельмі просты: сістэма адбору кадраў у сістэме адукацыі(і не толькі адукацыі) пабудавана каб вышэй траплялі «верныя», а не «здольныя». А ў гэтых «верных» словы і справы значна адрозніваюцца, і справы – наагул супрацьлеглыя самому паняццю «адукацыя».

Наладжваць шырокую дыскусію – трэба абавязкова. Але не будзе «шырокае грамадства» складаць спіс твораў. Падтрымліваць – будзе, казаць пра гэта – будзе. А тыя рэчы, што патрабуюць значнай працы – заўсёды справа невялікага кола спецыялістаў.

Хадзіць, прасіць сённяшняе міністэрства адукацыі – яно можа і трэба рабіць, але вынік ад гэтага хаджэння будзе надта малы і нетрывалы. Уявім што ў нас ёсць добрая школьная праграма, і добры спіс літаратуры. І мы нарэшце ўсвядомілі, што міністэрства адукацыі нам з гэтым не дапаможа. Максімум што мог зрабіць настаўнік 30(і 130) гадоў таму – распавесці пра асобныя творы сваім вучням. Бо не было іншага спосабу шырока распаўсюдзіць свае ідэі інакш як у папяровым выглядзе, праз цэнтральныя газеты. Не было іншага спосабу распаўсюдзіць беларускія творы інакш як праз друкаванне кніг вялікімі накладамі, каб тыя творы былі ў кожнай бібліятэцы, нават у самых далёкіх вёсках. А гэта такія грошы, што не кожнае міністэрства мела, а пра асобных людзей і гаворкі не было.

Але прагрэс нарэшце і да нас дабраўся. Калі яшчэ 10 гадоў таму школьнікі камп'ютар маглі знайсці і скарыстацца, то зараз ён у кожнага(!!!) у кішэні. А значыць распаўсюдзіць свае ідэі, і беларускія творы не каштуе нічога. Усё адразу, у кожнай вёсцы, і бясплатна(!!!).

Безумоўна, ахапіць 100% вучняў без удзелу дзяржавы і міністэрства адукацыі – немагчыма. Але калі гэта будзе патрэбна не некалькім настаўнікам, а значна больш шырокаму колу, цалкам магчыма давесці гэта да ўсіх школьнікаў, якія хоць нечым цікавяцца. А менавіта яны будуць далей уплываць на будучыню Беларусі.

Памроім: калі б (раптам – чаго на свеце не здараецца) міністэрства адукацыі захацела б стварыць добрую навучальную праграму і добрыя падручнікі. Якім чынам? Тыя, хто робіць гэта зараз – не здольныя зрабіць інакш. Новыя людзі? Адкуль? Толькі праз гады пасля змены адносінаў да адукацыі. А зараз у настаўніцкім асяроддзі ініцыятыўных людзей – вобмаль. Дзіўна што яны яшчэ засталіся наагул, бо гэта супярэчыць «лініі партыі». (Мне заўсёды смешна калі настаўнікі кажуць якія ў іх безыніцыятыўныя вучні, бо з майго досведу, 95% настаўнікаў – такія самыя безыніцыятыўныя). З гэтага вынікае, што тое невялікае кола адмыслоўцаў, што будуць рабіць – трэба шукаць сярод сённяшніх настаўнікаў, якім гэта важна. Бо ненастаўнікі такога не зробяць.

Гэта падмена функцый дзяржавы? Так, менавіта. Гэта праца, якую мусяць выконваць дзяржаўныя чыноўнікі і адмыслоўцы на адпаведных пасадах. Але яны гэтую працу не робяць. Можна пачакаць пакуль зменіцца некалькі пакаленняў і спадзявацца што потым яны нешта пачнуць рабіць, а можна рабіць зараз.

І справа тут не сканчаецца беларускай літаратурай. Варта думаць, якім чынам падвышаць канкурэнтныя здольнасці беларускамоўнай адукацыі ў параўнанні з рускамоўнай. Бо нескарыстаных магчымасцяў вельмі шмат: назаўсёды настаўнікі добра могуць распавесці складаны матэрыял, асабліва ў малых школах. Дзе беларускамоўныя запісы ўсіх школьных тэм, каб школьнік мог паглядзець калі нешта прапусціў, ці настаўнік незразумела выкладае? Дзе пераклады лепшых сусветных падручнікаў і адукацыйных матэрыялаў?

Узгадайма Закон Парэта (20% намаганняў дае 80% выніку, астатнія 20% выніку атрымоўваюцца ад іншых 80% намаганняў). Сённяшнія магчымасці(і тэхнічныя, і эканамічныя) дазваляюць прыкласці 20% намаганняў і мець 80% вынікаў. Я не кажу, што ўсё гэта робіцца вельмі проста. І што гэта можна зрабіць наагул без фінансавання. Але каб запісаць свае лекцыі і выкласці на youtube дастаткова нейкіх смешных $100-$200. А на сайтах накшталт talaka.by паспяхова збіраюцца значна большыя грошы (калі мэта праекту – прыстойны вынік, а не «буду год калупаць пальцам у носе і можа што напішу»). І не трэба быць нейкім знаўцам кампʼютараў ці сучаснай тэхнікі – заўсёды ёсць людзі якія дапамогуць добраму праекту. Не проста, але ўсё ж цалкам магчыма.

Таму, замест таго каб пытацца «чаму яно так як ёсць і чаму гэта не робіць дзяржава», варта пытацца «а чаму мы(адмыслоўцы ў гэтым пытанні) гэта не робім?»

Comments