Чаму беларускія могілкі ня зьявяцца ў інтэрнэце

Маю трохі думак на гэты конт - мо каму спатрэбіцца. Ня ведаю - куды лепш запосьціць. Пакуль пакіну ў сваім фэйсбуку.
Некалькі дзён таму заўважыў яшчэ адзін праект па фатаграфаваньні/апісаньні беларускіх могілак у інтэрнэце(помнікі Слуцка). Але паспрабую аргумэнтаваць чаму я амаль упэўнены ў правале гэтага праекту, як і іншых існуючых падобных. А таксама прааналізаваць добрыя/дрэнныя ідэі - можа наступным пачынальнікам будзе карысна.
Наогул, ідэя добрая і вартая, бо з часам нават камень старэе, і праз 10 гадоў ня будзе таго што маем зараз(прынамсі надпісы будзе разабраць значна цяжэй). Апісаць усе могілкі - складаны праект, але ўсё ж магчымы з сёньняшняй тэхнікай: маем смартфоны з добрымі камэрамі, а таксама кампутары/гостынг для такога вялікага праекту ўжо каштуе ня так і шмат. Уся гэтая тэхніка прыйшла на масавы рынак толькі 2-3 гады таму. Да гэтага ўсё было значна складаней.
Агулам у сеціве ёсьць 3 праекты па фатаграфаваньні/апісаньні беларускіх могілак на жнівень 2016 (па часе зьяўленьня):
http://www.niekropali.by/ - праект закінуты. Я ўбачыў яго гады 2 таму, і гэта была нагода трохі падумаць як бы я зрабіў такі праект
http://www.graves.by/ - ідзе ўжо некалькі год, але апошняя актыўнасьць была больш за месяц таму. Тут я нават паспрабаваў паўдзельнічаць, але ёсьць адчуваньне што праект рухаецца недастаткова хутка каб скончыць працу яшчэ пры маім жыцьці.
https://oldpomnik.wordpress.com/http://www.talaka.by/projects/1333/overview - толькі пачынаецца і арыентуецца толькі на адны могілкі(Слуцкія)
Самая вялікая праблема праектаў - памер. Калі ў вас толькі адны маленькія могілкі, яшчэ можна рабіць нешта як атрымаецца. Сфатаграфуеце вы іх за 3 гадзіны, ці за 30 гадзінаў, расьцягнецца гэта на 3 дні ці на 3 месяцы - розьніца ёсьць, але непрынцыповая. Працу вы ўсё роўна скончыце праз нейкі час. Калі вы хочаце сабраць інфармацыю толькі па адных могілках - гэта таксама няблага, але згублены час будзе неадпаведны вынікам. Гэта як ствараць сайт фотаздымкаў вашай вёскі замест http://radzima.org/ - магчыма, і значна прасьцей, але вялікага сэнсу няма.
Але калі казаць пра агульны падыход - усё што маем у межах Беларусі, як мае быць, то могілак настолькі шмат, што неаптымальная праца адразу вядзе да правалу праекта бо канца ня будзе бачна. Таму вельмі важна вызначыць падыходы пры якіх праца аптымізавана на 100%, і якія дазволяць мець найбольш вынікаў пры найменшых выдатках. Бяз гэтага няварта нават пачынаць. І менавіта таму я вельмі скептычна стаўлюся да існуючых праектаў.
Праект вялікі й патрабуе шмат працы (і мабыць грошай). Зразумела, што падмурак калектыву павінен быць складзены з людзей якім гэта будзе патрэбна і цікава, але наўрацьці можна будзе зрабіць праект толькі валянтэрамі. Дакладна патрэбныя 2 дасьведчаныя чалавекі - кіраўнік што зможа сарганізаваць увесь працэс, і праграмер што зможа сарганізаваць і напісаць усе тэхнічныя рэчы. Галоўная праблема - час на фатаграфаваньне помнікаў. Нават з усімі аптымізацыямі, у мяне атрымалася сфатаграфаваць недзе траціну Вайсковых могілак за 10 гадзінаў. Пазначэньне імёнаў у тэксьце таксама займае час, але гэта можна рабіць дома за кампутарам. Выглядае, адзіным варыянтам будзе знайсьці грошы на наёмных супрацоўніках. З сёньняшнімі зарплатамі 160 гадзін працы на тыдзень будзе каштаваць недзе $250. Маючы 5-10 чалавек што будуць рабіць 8 гадзін на дзень - праект робіцца цалкам магчымым. Грошы немалыя, але значна прасьцей іх знайсьці ці сабраць, чымся знайсьці столькі часу валянтэраў. Для подпісаў фотаздымкаў(каб можна было шукаць) таксама мае сэнс наймаць людзей за грошы, але можа й валянтэраў, бо праца непатрабуе анічога акрамя як сядзець за сваім кампутарам. Дарэчы, калі за грошы - можна й людзей з інваліднасьцю прыцягнуць. Абсталяваньне й праграмы амаль нічога не каштуюць.
Усе 3 існуючыя праекты маюць падобны функцыянал: пошук па імёнах і паказ фотаздымкаў. Хто лепш, хто горш, але ніхто ня робіць гэта дастаткова добра, бо сайты пабудаваныя на стандартных рухавіках у якіх няма такой функцыянальнасьці. І як вынік - кожны праект стварае сайт ад пачатку, то бок робіць адну і тую ж працу наноў. Але ў праектах няма добрых праграмераў. А яны там неабходныя бо аб'ёмы інфармацыі вялізарныя і задачы ня надта простыя.
Адкрытасьці інфармацыі: з гэтым усё добра. Першыя два праекты(і мабыць трэці - я проста не пытаўся) усьведамляюць што ўся інфармацыя пра могілкі павінна быць пад нейкай вольнай ліцэнзіяй. І нешта накшталт Creative Commons добра пасуе.
Як паказвае практыка, зьвяртацца да дзяржаўных устаноў па нейкую інфармацыю пра помнікі ня мае сэнсу. Калі ў іх і ёсьць нейкія сьпісы, яны вельмі неахайныя, утрымліваюць зусім мінімум інфармацыі, і маюцца толькі для новых могілак.
Што захоўваецца і што даступна. Тут ужо значна больш адрозьненьняў.
- Імя - абавязковы атрыбут для пошуку, таму павінна быць тэкставае ў тым выглядзе што на помніку. Добра б было прывязаць імёны і прозвішчы да нейкай базы, праз якую можна было б шукаць Stefania ці Стэфанія ці Стефания, і знаходзіць усе такія запісы.
- Даты - таксама абавязковыя для пошуку. Патрэбныя ў тэкставым выглядзе.
- Фота помніка - абавязкова, і павінная быць магчымасьць паглядзець у найлепшай якасьці. На сёньняшні дзень няма праблем з гостынгам некалькіх тэрабайтаў здымкаў.
- Іншыя надпісы - існуюць ва ўсіх праектах, але іх амаль непавінна быць. Яны патрэбныя толькі ў выпадках калі надпісы на помніках дрэнна чытаюцца. Бо набраць такія надпісы займае шмат часу. Замест гэтага карыстальнікі могуць прачытаць іх з фота.
- Каардынаты - гэта на мой погляд абавязковая рэч, але ёсьць толькі ў graves.by. Бо проста ведаць што на нейкіх могілках ёсьць такі помнік - недастаткова. Трэба яго мець магчымасьць знайсьці. Сучасныя смартфоны даюць магчымасьць рабіць здымкі з GPS - менавіта тое што патрэбна. Але гэта таксама й праблема graves.by - у спробах пазначыць дакладныя каардынаты яны губляюць часу ў некалькі разоў больш чымся патрэбна. Дакладнасьць у 10-20 мэтраў - гэтага цалкам хапае для пошуку на мясцовасьці, з улікам таго што можна арыентавацца на здымак і на суседнія помнікі. Такім чынам, на здымак патрэбна некалькі сэкундаў, а не хвілінаў. Тое, што пошук зойме ў горшым выпадку 5 хвілінаў замест адной - зусім непрынцыпова.
Асобная рэч - чыстка старых помнікаў. niekropali.by гэта не рабілі, здаецца. oldpomnik робяць, але выглядае што нейкім механічным спосабам. graves.by - Андрэй робіць адмысловымі хімікатамі, і выглядае што гэта найлепшы спосаб. З аднаго боку, ёсьць спакуса прапусьціць такія помнікі - такіх помнікаў няшмат, і лепш зрабіць 100 іншых, замест аднаго зарослага. Усё роўна, ня ўсе надпісы чытэльныя, і такі адзін няшмат зьменіць. З іншага боку - на такіх помніках бываюць найцікавейшыя рэчы. Выглядае што тут трэба мець нейкі балянс. Тое што магчыма адчысьціць - трэба чысьціць. Але губляць дзень на адзін помнік - наўрацьці добрая ідэя. З улікам таго што ня кожны будзе добра ведаць як карыстацца хімікатамі, мне здаецца найлепшым будзе такі варыянт: за дзень-два да фатаграфаваньня трэба прайсьціся чалавеку што будзе чысьціць помнікі. Усё, што ён зробіць - будзе сфатаграфавана. А той хто будзе фатаграфаваць не павінен займацца чысткай.
Тэхнічныя рэчы:
1. Для фатаграфаваньня неабходныя смартфоны з камэрай ня меш за 5Мп. То бок амаль усе сучасныя падыходзяць. Смартфон будзе ўключаны ўвесь дзень, з GPS, таму на кожны смартфон патрэбны зьнешні акумулятар недзе на 10000 мАг.
2. Праграма для фатаграфаваньня павінна быць распрацаваная менавіта пад такі праект, бо павінна быць аптымізавана як мага больш, і каб яе можна было зьмяняць для большай аптымізацыі. Ну а каб не тлуміць галаву супрацоўнікам, праграма сама павінна запампоўваць здымкі й гук на сэрвер. Я такую праграму зрабіў за некалькі дзён, і аптымізаваў з улікам уласнага досьведу. Буду рады падзяліцца.
3. Сэрвер ці нейкі кампутар куды будуць дасылацца фота, апрацоўвацца папярэдне перад выстаўленьнем на сайт і дзе будзе рабіцца рэзэрвовая копія. Тут праца залежыць ад таго як пастаўлены працэс.
4. Сайт для прагляду ўсей інфармацыі. З тэхнічнага боку гледжаньня - усё даволі проста, але патрабуе адмысловага рухавіка. Тое што зараз ёсьць у трох існуючых праектах - гаўно(як і астатнія іх тэхнічныя рашэньні). Таксама, сайт павінен паказваць мапу і іншыя рэчы каб чалавек з пляншэтам/тэлефонам з GPS адшукаў помнік. Робіцца на звычайным php, і выстаўляецца на простым гостынгу за $5 на месяц.
5. Сайт для уводу надпісаў. Хутчэй за ўсё будзе часткай асноўнага сайту(што для прагляду), але павінен мець трохі асобны функцыянал (хуткі !).
Выглядае, што працэс павінен быць прыкладна прыкладна такі:
1. Ствараецца сьпіс могілак. Магчыма, такі сьпіс павінен падзяляцца па ўзросту могілак, каб напачатку рабіць больш старыя. Праца для аднаго чалавека на некалькі дзён.
2. Ствараюцца тэхнічныя рашэньні й рухавікі сайтаў. Яны разьвіваюцца й надалей увесь час праекту.
4. На кожных могілках асобныя помнікі спачатку трэба чысьціць - шмат часу, але мабыць на гэта патрэбныя толькі 1-2 чалавек.
4. Пасьля гэтага іншыя людзі фатаграфуюць кожны помнік адмысловай праграмай, якая запісвае каардынаты разам са здымкам, і некаторую дадатковую інфармацыю. Таксама, на месцы робяцца галасавыя нататкі па тых надпісах што дрэнна чытаюцца. Толькі галасавыя, а не папяровыя ці тэкставыя запісы. Мэта - найбольш працы за найменшы час. Гэта патрэбуе найбольш часу, і трэба выкарыстоўваць як мага больш людзей.
5. Фатаграфіі з каардынатамі і гукавымі нататкамі перадаецца на сэрвер. Няшмат часу, але рэгулярна й патрэбуе чалавека што разумее як што апрацоўваць.
6. Па фатаграфіях і галасавых нататках пазначаюцца надпісы - дома, у фатэлі, таксама працы на некалькі чалавек.
7. Асобная рэч - дастаўка людзей, але гэта трэба прадумаць у залежнасьці ад канкрэтных падыходаў праекту
Такім чынам, асноўны час і праца спатрэбіцца на 4 рэчы:
1. Чыстка. Тут аптымізацыя залежыць толькі ад ведаў чалавека што будзе гэтым займацца
2. Дастаўка людзей. Аптымізацыя магчымая рознымі шляхамі, у тым ліку і найманьнем людзей з транспартам. Шмат залежыць ад арганізацыі праекта
3. Фатаграфаваньне. Праграму для смартфонаў трэба аптымізаваць як мага больш - аналізаваць ці не кожны націск. Непавінна губляцца аніводнай сэкунды. Удасканальваць праграму каб рабіць яе больш прадукцыйнай. Толькі галасавыя нататкі бо яны робяцца найхутчэй.
4. Подпісы. Робяцца дома, ў фатэлі. Сайт павінен працаваць вельмі хутка каб небыло аніякіх затрымак.
Спадзяюся, некаму гэтыя нататкі прыдадуцца каб усё ж зрабіць такі праект. Калі знойдзецца чалавек што зможа кіраваць гэтым - я магу забясьпечыць тэхнічны бок цалкам.

Comments