Калі вы не параноік, гэта не значыць, што за вамі не сочаць, альбо BigData не такая ўжо й Big.

Вы сапраўды лічыце, што на 23-ім гаду стабільнасці стабілізатары пашкадуюць нейкіх $3000 на месяц каб захоўваць запісы ўсіх тэлефонных размоў у Беларусі ?

Развіццё навукі і тэхнікі паляпшае жыццё. Але ў нашых умовах ёсць некаторыя асаблівасці. Ніхто з публічных персонаў ужо не здзіўляецца, што за ім сочаць і праслухоўваюць. Вы не лічыце сябе публічнай персонай ? Часы, калі слухалі тэлефонныя лініі ўжывую ці магнітафонамі даўно мінулі. Не, калі вы тэлефануеце з гарадзкой лініі амбасады ЗША ў Менску, на гэтай лініі жывы чалавек хутчэй за ўсё сядзіць і слухае адразу. А ўсё астатняе слухаць не трэба, а запісваць значна прасцей, бо лічбу апрацоўваць значна прасцей чымся аналагавы сыгнал на старых тэлефонных лініях - вялікія магнітафоны ўжо непатрэбныя. Настолькі прасцей, што сачыць за ўсімі не так ужо складана.

Трохі падлікаў. Сачыць можна за : 1) дзе вы знаходзіцеся, 2) вашымі смс, 3) вашымі размовамі. 

1) Ваша месца можна адсачыць даволі проста па тым, да якой базавай станцыі GSM прывязаўся тэлефон. Будзем запісваць раз на 10 секундаў ID трох бліжэйшых базавых станцый і узровень сігналу. Не ведаю, наколькі дакладна па гэтых параметрах можна вызначыць месца, але нават проста ID адной бліжэйшай базавай станцыі дае дакладнасць у некалькі кіламетраў. Што няблага. Адзін запіс - хай сабе 8*4=24 байты, і гэтыя звесткі шыкоўна сціскаюцца, разоў ў 10 дакладна. 24*6*60*24/10=20 кілабайтаў на дзень.

2) Вашыя SMS. Тут наогул няма пра што казаць. У сярэднім будзем лічыць што чалавек дасылае 5 смс на дзень, бо большасць не дасылае наогул, а кожны дзясяты - можа і 30 даслаць. Абмежаванне даўжыні - 160 байтаў. 800 байтаў на дзень.

3) Размовы. У мяне за месяц выходзе недзе 2.5-3 гадзіны размоваў па тэлефоне. У жанчын, вядома, больш, у старых і малых - меньш. Будзем лічыць 3 гадзіны на месяц - сярэдняе, то бок 5 хвілінаў на дзень(акругляць да хвіліны ўверх, як на тарыфах, не патрабуецца). AMR кадаванне патрабуе недзе 15-20 Кбіт/с, то бок недзе 2 кілабайты на секунду. І кожны чалавек размаўляе з некім іншым, таму памер агульны трэба размяркоўваць на дваіх. То бок за дзень атрымліваецца 2048*60*5/2=300 кілабайтаў на дзень.

Белстат кажа, што насельніцтва ад 7 да 75 гадоў - недзе 8 мільёнаў. Таким чынам, каб захоўваць поўную інфармацыю пра ўсё насельніцтва Беларусі, спатрэбіцца (20+1+300)*8000000 - гэта прыкладна 2,5 тэрабайтаў на дзень. Кошты на дыскі па 4 тэрабайты пачынаюцца ад 250-300р., а оптам будуць танней. Запісы размоў па правадных тэлефонах мы не лічылі, але яны не будуць большыя за мабільныя. То бок кошт носбітаў будзе $100 на дзень - няшчасныя $3000 на месяц . Гэтага дастаткова каб захоўваць усё напрацягу не апошніх 1-2 гадоў, а заўсёды. І ня трэба казаць, што сярод гэтай інформацыі шмат шуму, няма каму апрацоўваць і праслухоўваць. Праслухоўваць будуць за апошнія некалькі год тых каго спатрэбіцца. А інфармацыю пра ўсе кантакты і ўсе перасоўванні за апошні год-два змесціць звычайны сучасны кампутар, і зможа на гэтай інфармацыі прааналізаваць кола кантактаў і хто з кім дзе ездзіў.

Comments