Калі заўтра раптам выключыцца сервер…

Бачыце, як на працягу нейкіх 20 год кампутары нашае жыццё палепшылі? У аўтобусе едзеш, ці на хутары самагонку п’еш – з кішэні тэлефон дастаў ці ноўт адчыніў, знайшоў у Гугле артыкул, ці кнігу, ці фільм – і карыстайся. Шыкоўна! У XX стагоддзі пра такое ніхто нават не марыў, што амаль ўсе веды будуць дасяжныя з невялікай прылады амаль імгненна(але, большасць толькі коцікаў лайкаюць – гэта ўжо іншая справа).

Раней, як было – усё на паперы. Трэба нешта знайсці – у бібліятэку, ці ў архіў, і пашукай там не адну гадзіну... Мо яшчэ памятаеце тыя часы? А ўявіце сабе, што ў тыя часы, а нават і зараз – зніклі б усе беларускія кнігі, ці фільмы, ці газеты. Ну там, апраўдаліся прагнозы скептыкаў, і Нацыянальную бібліятэку нарэшце ў балота засмактала, на якім яна пабудаваная. Ці пажар моцны адбыўся, а сістэма тушэння спрацавала так, як яе зрабілі, а не так як хацелася. Страты для культуры жахлівыя! Не, ну застанецца трохі кніг на паліцах па хатах – але разрозныя і можа чвэрць ад таго што было. Карацей, як «Крывавы патоп» для культуры.

Ну дык у мяне для вас дрэнная навіна: зараз вялікай часткі нашай культуры можна пазбавіцца значна прасцей. smalensk.org, represii-by.info, kazka.at.tut.by, dziacinstva.net, bykau.com, hramy.com – памятаеце такіх? Іх ужо няма. Гэта толькі з маіх першых 25 закладак у броўзары. Колькі яшчэ будзе працаваць сайт marakou.by з імёнамі рэпрэсаваных, калі аўтар ўжо памёр? Што будзе, калі раптам зачыняцца knihi.com, kamunikat.org, pawet.net, starbel.narod.ru, vytoki.net, slounik.org, bnkorpus.info, baravik.org, tuzinfm.by, nastaunik.info, беларускія каналы YouTube ? Што будзе, калі знікнуць архівы nn.by, svaboda.org, і іншых навіновых сайтаў, як гэта ўжо было неаднаразова з пераключэннем на новы рухавік? На стварэнне кожнага такога праекту было пакладзена вельмі шмат высілкаў, і паўтарыць іх – нерэальна. Вы думаеце, што за кожным такім сайтам стаіць вялікая каманда, якая можа аднавіць яго ў выпадку сур’ёзных тэхнічных праблем ці смерці ўладальніка, і здольная захоўваць працаздольнасць сайтаў напрацягу хаця б некалькіх дзесяцігоддзяў? Нажаль, не.

Вялікі плюс, і адначасова найвялікшая праблема інфармацыі ў сучасным выглядзе, што яна не патрабуе значных рэсурсаў для захоўвання. Папяровая кніга недазваляе шукаць па тэксце, і мець яе за хвіліну на сваім тэлефоне, але калі яе захоўваць у памяшканні з надзейным дахам і без мышаў, стагоддзі захоўвання гарантаваныя. Сучасныя сродкі для захоўвання лічбавай інфармацыі – значна танней, але гарантавана захоўваюць звесткі не больш за 10 год, пры ўмове што ўсё зроблена правільна. І, усё… А ў 90% выпадкаў робіцца гэта няправільна.

Так, ёсць Internet Archive, ёсць дзяржава. Але, калі гэта неяк(вельмі дрэнна, але хоць неяк) працуе для вялікіх краінаў, то ў нашым выпадку гэта непрацуе зусім (і, дарэчы, усё што вы пішаце ў facebook гарантавана знікае назаўсёды). Таму сцэнараў толькі два: альбо мы нешта робім для захавання, альбо гэта гарантавана знікае. А пакуль мы нічога не робім…

Comments

Anonymous said…
Наконт "Белоруской Смаленшчыны" - Яна была хакнута расейцами. У выкину было выражена заставить толи Фейсбук-старонку. Далучайцеся
vics said…
Маё глыбокае перакананне, што гэтыя во mobile friendly штукі, калі ўсё ў web і streaming, а сцягнуць нічога нельга (ці хто памятае ftp://realaudio.rferl.org? А зараз у іх нават RSS няма ў беларускай службе, а ў soundcloud сцягванне адключанае) - страшнае ліха, бо люстраваць аўтаматычна near to impossible. З іншага боку - каму тое трэба, акрамя старых карчоў, якія яшчэ думаюць пра дасягальнасць інфармацыі? Усё ж ува ўкантакціку ёсць!..